
Вось ужо другі месяц запар працягваецца прымусовая дэпартацыя цыган у Францыі. Падзея, якая не пакінула ў баку сусветнае грамадства. Погляды жыхароў старога свету раздзяліліся. Еўрапарламент заяўляе аб парушэнні законаў, а праваахоўныя арганізацыі крычаць аб новай хвалі фашызму на старым кантыненце. У сваю чаргу французскія ўлады цвёрда прытрымліваюцца сваёй палітыкі па барацьбе з нелегальнай міграцыяй і злачынствамі. Толькі вось чамусьці палітыка гэтая тычыцца толькі цыганскага насельніцтва. Як сёння ўспрымаюць весткі аб высяленні сваякоў і з якімі праблемамі спатыкаюцца беларускія “раманы”, мы пыталіся ў старшыні Асацыяцыі беларускіх цыган “РОМА” Аляксандра Басяцкага.
- Ужо больш за месяц ідзе дэпартацыя цыган з Францыі. Чаму беларускія цыгане да гэтага часу маўчаць? Чаму ў прэсе не з’яўляюцца пратэсты з дзеяннямі французскіх улад? Чаму не закідваеце яйкамі французскую амбасаду?
- Канешне, мы успрымаем падзеі ў Францыі з вялікім болем. Гэта аўтаматычна адбіваецца і на беларускіх цыганах. Беларускім СМІ няма справы да гэтай праблемы, нас ніхто не пытаецца, што мы думаем аб усім гэтым. Вялікі дзякуй Еўрапарламенту, які сёння высутпае ў падтрымку румынскіх цыган. Яны сказалі сваё галоўнае слова. У Беларусі накаляць адстаноўку не трэба. Па-першае, праводзіць мітынгі і баставаць ніхто не дазволіць, а па-другое, нашыя людзі не пойдуць на гэта. Ліст мы не пісалі, але ідэя добрая. У бліжэйшы час абавязкова падрыхтуем адзін у французскую амбасаду ў Мінску, другі – у Еўрапарламент.
- Не думаеце, што ўслед за Францыяй хваля дэпартацыі можа прайсці і па іншых краінах Еўропы, такіх як Італія і Германія?
- Дэпартацыя можа закрануць толькі румынскіх цыган. Тыя “раманы”, якія пражывалі ў краінах Еўропы і раней, даўно ўжо грамадзяне гэтых дзяржаў. Таму іх чапаць ніхто не стане. У 2007 годзе я быў запрошаны ў Варшаву на канферэнцыю АБСЕ, дзе абмяркоўваліся цыганскія праблемы. На ёй дакладна было сказана: цыгане – частка еўрапейскай сям’і. Калі яны прызнаюць, што мы частка еўрапейскага народу, чаму такім чынам трэба хватаць і высяляць людзей? Ёсць іншыя метады, больш гуманныя. Як можна паступаць так са сваімі грамадзянамі, грамадзянамі Еўропы! Яны ж бачылі, у якіх умовах жывуць людзі ў Румыніі і Балгарыі, калі бралі іх у ЕС. Яны захацелі займець зямлю, а праблемы вырашаць не захацелі. Жывіце ў сваёй беднаце, а мы тут багатыя і вы нам не патрэбны. Чуў, што ЕС выдзяляў грошы Румыніі і Балгарыі, каб яны вырашылі гэтыя праблемы, але куды гэтыя грошы падзеліся, не вядома. У Румыніі цыгане жывуць у антысанітарных умовах. Там пекла! Трэба было адразу стварыць умовы нармальныя, а потым браць гэтыя краіны ў ЕС. Таму зараз цыгане ў пошуку лепшай долі едуць ў іншыя дзяржавы. Гэта ж тычыцца і афрыканцаў, арабаў, якія раней знаходзіліся пад уладай французаў.
Калі б у нас сёння пачалі высяляць цыган з Беларусі, то Еўропа была б першай, хто падняў праблему на сусветным узроўні, заявіўшы аб генацыдзе. А радыкальных мер у сябе там не прымаюць.
У сябе ў Еўропе яны любяць казаць аб дэмакратыі, але такая дэмакратыя мне не патрэбна!
- Румынскія цыгане адрозніваюцца ад астатніх цыган?
- Так. У адносінах да нас, у іх іншая мова. Я сустракаўся з імі раней. Яны скардзіліся, што ім цяжка. Калі Румынія ўвайшла ў склад ЕС, цыгане пачалі ездзіць па розных краінах. Зразумела, яны паглядзелі і захацелі жыць так, як жывуць астатнія еўрапейцы. І гэта тычыцца не толькі цыган, але і беларусаў і іншых народаў, якія бываюць там. Але з Беларусі сёння ў Еўропе не пражывае не адзін цыган! Нам добра жывецца і тут, ёсць усе умовы. Напрыклад, для мяне гэта сапраўдная Радзіма. Тут пахаваны мае бацькі, жыве сям’я, родныя.
- Называюцца розныя лічбы, калі паўстае пытанне аб колькасці цыган у Беларусі. Чаму сёння немагчыма дакладна палічыць цыганскае насельніцтва нашай краіны?
- У Беларусі на сёння прыкладна 50-60 тысяч цыган. Па афіцыйных дадзеных дзесьці каля 25 тысяч. Сітуацыя з лічбамі простая. Напрыклад, я па пашпарце не цыган, а беларус. І так запісаны многія. Гэта яшчэ з савецкіх часоў пайшло, каб цыгану было прасцей уладкавацца на працу.
- Якія цыгане сёння пражываюць у Беларусі?
- Рускія, украінскія, літоўскія і польскія. Румынскіх і малдаўскіх цыган у нас няма. Ёсць у Барысаве латвійская абшчына цыган, якія прыехалі сюды гадоў 10-15 таму. З імі сувязь мы не падтрымліваем. Яны нават на іншай мове размаўляюць.
У Беларусі ўсё цыгане аседлыя. Так сталася пасля Хрушчоўскага ўказа, які забараняў перамяшчэнне цыган. Ды і зараз беларускія “раманы” нікуды б не пайшлі. Жывецца ім і на пастаянным месцы добра. Жыць стала лепей, але зносін паміж намі становіцца менш.
- Па статыстыцы, прыкладна, 90% цыган не працуюць. З чым гэта звязана?
- Зараз гэты працэнт значна ніжэй. Але праблемы пры уладкаванні на працу ёсць. Перш за ўсё, негатыўныя адносіны з боку працадаўцаў. Калі цыгане ў большасці пачнуць атрымоўваць вышэйшую адукацыю, то і адносіны да іх зменяцца. Беларусы таксама здзіўляюцца, калі цыган з вышэйшай адукацыяй. На працы яны не пьюць, не варуюць. Я часта чую добрыя водгукі. А вось не працуюць многія не з-за таго, што іх небяруць, а таму што самі не хочуць ісці. Калі ты хочаш зарабляць, калі ласка, усе дарогі адчынены. Шмат цыган зараз перабіраецца з вёскі ў горад, каб атрымаць нарамальную працу.
Што тычыцца беспрацоўных, то яны едуць на заробкі ў Расію, займаюцца продажам. Прывозяць сюды, прадаюць на рынках. У Брэсцкай вобласці, ведаю, цыгане ідуць працавать у калгасы. Некаторыя займаюцца металам, на чым нядрэнна зарабляюць.
- Чаму сёння, калі праваахоўнікі затрымліваюць за наркотыкі, часта фігуруюць цыгане?
- Па сваёй нявопытнасці, па сваёй дурасці многія трапляюць у падобныя сітуацыі. Вядома ж, яны не вырошчваюць гэту гадасць на сваіх агародах. За імі стаяць іншыя людзі. А цыгане ў большасці беспрацоўныя, і нажыва лёгкіх грошай зачароўвае. Зараз многія разумеюць, што займацца гэтым небяспечна. У меня ёсць знаёмы. Яго злавілі, адсядзеў. Цяпер, кажа, ніколі гэтым займацца не буду, не хачу ў турму. Зараз уладкаваўся на працу. Да таго ж займацца наркотыкамі – гэта вялікі грэх! Але не ўсе гэта разумеюць. Адным словам - параза!
Калі сустракаеш людзей, і яны бачаць, што ты нармальны чалавек, які добра жыве, адразу ж думаюць, што займаешся наркотыкамі. Але ж не ўсе такія. Гэта проста вобраз такі склаўся ўжо.
- І як пазбавіцца сёння цыганам ад вобразу, які ім навязваюць людзі і СМІ?
- Не ведаю. Пры камуністах жылі, ніхто не займаўся ніякімі наркотыкамі. Захацелася прыгожа жыць. Думалі, здаецца, што будзе заўсёды гэты бардак у краіне. Жулікаў хапае і не толькі сярод цыган. Але калі пападаецца цыган, то абавязкова яго пакажуць па тэлебачанні і напішуць пра гэта ў газеце. Адсюль усё вынікае…
Злачынца ёсць злачынца. У яго няма нацыянальнасці. Але цыган мераюць менавіта па гэтым. Мы з беларусамі заўсёды жылі побач, перажылі трагічную для ўсіх вайну, халакост. І мы ўдзячны беларусам, што яны вызвалілі нас з гэтага.
Сёння ў цыган ёсць ахова. З намі абыходзяцца, як з грамадзянамі Рэспублікі. Не парушай закон – і жыві сабе спакойна. Нас не прыцясняюць. Ёсць стабільнасць і цішыня. А цішыня для цыгана – галоўная ўмова для існавання.
Калі я бываю доўга за мяжой, мяне цягне ў Беларусь. Я заўсёды сюды вяртаюся з радасцю, таму што гэта ўжо мая Радзіма. І так думаюць многія. Нават у Расію не хочуць ехаць. Хочуць працаваць тут.
Мы просім толькі чалавечых адносін! Усе мы ходзім пад богам, і калі будзе штосьці не так, то Бог нас рассудзіць.
- Як абстае справа з адукацыяй?
- Тое, што многія цыгане не ідуць вучыцца – гэта праблема. Мы толькі 50 гадоў таму выйшлі з лесу, і адразу трапіць у струмень немагчыма. Таму большасць цыган не навучаецца. Самі гэтага не хочуць. У школе вучацца ўсе, а у ВНУ ідуць нямногія. Ніякіх праблем з паступленнем няма. Ніхто нас не прыцясняе. Але патрэбны час, каб змянілася пакаленне, і цыгане будуць жыць, як жыве астатні цывілізаваны свет. Мы яшчэ вандруем дзесьці ў аблоках.
Канешне, мы сустракаемся, гаворым, што зараз XXI стагоддзе, без адукацыя нельга! І калі не будзеце вучыцца, будуць праблемы. Некаторыя гэта разумеюць.
- Чаму цыгане не прымаюць удзел у палітычным жыцці краіны? Чаму няма дэпутатаў, дзе моцныя лідары?
Вы ведаеце, я калісьці выстаўляў сваю кандыдатуру, але мяне не прапусцілі. Я спрабаваў балаціравацца ў мясцовыя саветы ад ЛДП, але не атрымалася. Палітыкай трэба займацца, калі ты не будзеш займацца палітыкай, палітыка зоймецца табой. Мы б хацелі, каб былідэпутаты, палітыкі, але не прапускаюць. Трэба мець свайго дэпутата, які б адстойваў нашыя інтарэсы, каб праз яго можна было вырашаць усе пытанні. Таму што цыганская арганізацыя вялікай ролі ў вырашэнні пытанняў не гуляе. Калі прыходзіш да чыноўнікаў, яны не хочуць займацца чужымі справамі. Кажуць вырашайце самі.
Я ведаю шмат палітыкаў, ведаю апазіцыйных палітыкаў, але сёння яны выглядаюць слабавата, можа з-за таго, што няма арганізаванасці.
У нас ёсць усе умовы для таго, каб займацца палітыкай. Але самі людзі не хочуць гэтага. А гэта неабходна, каб было сваё лоббі ў парламенце краіне. Зараз нічога не атрымаецца, таму што вобраз цыгана, які навязаны СМІ, успрымаецца адмоўна. Галасаваць таксама не пойдуць за іх. Сярод майго акружэння я бачу людзей, якія б маглі гэта рабіць. Мы ўвайшлі ў XXI стагоддзе, і без гэтага сёння немагчыма. Трэба трошкі часу, і цыганскія палітыкі таксама з’явяцца.
- Колькі сёння цыганскіх арганізацый у Беларусі?
- Чатыры: дзве ў Мінску, па адной - у Гомелі і Ашмянах. У сталіцы дзейнічаюць Асацыяцыя беларускіх цыган “РОМА” і Беларуская цыганская дыяспара. Але нашыя арганізацыя мёртвыя. У нас няма фінансавання, памяшкання, дзе б мы маглі збірацца. У нас нават няма сваёй дзяржавы, якая б нас падтрымлівала. Таму прыходзіцца збірацца па хатах і выпашаць свае пытанні.
Вось чаму нас так цяжка зараз знайсці. Наш барон і старшыня асацыяцыі Уладзімір Матвееў памёр. І зараз мы робім перарэгістрацыю арганізацыі. У нас з’явіцца свой юрыдычны адрас. Тады нас будзе знайсці прасцей.
- Цыганскі народ падобны да яўрэяў, якія таксама доўгі час не мелі сваёй дзяржавы. Але абодвум народам удалося захаваць сваю культуру. Як сёння падтрымліваецца ў Беларусі цыганская культура?
У Мінску ёсць цыганскі ансамбаль, але нажаль, у яго няма падтрымкі. Леанід Марцінкевіч, яго кіраўнік, прыходзіць і звяртаецца да мяне, каб я дапамог з касцюмамі. Вось так і падтрымліваецца, на ўласныя сродкі.
Раней цыгане як жылі: засталіся на начлег дзе-небудзь у лесе, распалілі вошнішча і танчаць. Яны жылі гэтым. Быў такі выпадак, які распавяла мне старая габрэйка, якая была ў Асвенцыме. Калі цыганаў загналі ў барак, яны цэлую ноч танцавалі. Раніцой лагер прачнуўся ў цішыні... Цыгане ведалі, што яны памруць, але паміралі дастойна, з музыкай.
Для цыган вялікую ролю гуляе сям’я, у якой з пакалення ў пакаленне таксама перадаюцца нацыянальныя традыцыі, што робіць нас адметнымі. Плюс да ўсяго – гэта вера ў Бога.
Сёння самая галоўная традыцыя закладзена ў нашай мове. Яна дапамагае захоўваць нам сваю ўнікальнасць. Канешне, у розных краінах цыгане размаўляюць на сваіх дыялектах. Мы часам не разумеем адзін аднаго. Але ж…
- Калі цыганская мова – галоўнае на чым трымаецца культура, то як быць нам, беларусам, якія на сваёй мове амаль не размаўляюць?
Вы не згубіце культуру, толькі таму, што ў беларусаў ёсць СМІ, ёсць краіна. А мы згубім толькі таму, што не маем сапраўднай Радзімы і пісьмовай мовы. А для таго, каб не забыць беларускую мову, на ёй трэба казаць заўсёды і ўсюды! Мяне часта пытаюцца, як вам удаецца захоўваць мову. А як жа іначай, калі я размаўляю са сваёй сям’ёй, са сваімі дзецьмі на цыганскай мове. У меня зараз хлопчыку адзін год, з ім я размаўляю выключна па-цыганск, і ён аўтамытычна будзе размаўляць на мове свайго народа.
- Раней у мястэчка Мір была сталіцай беларускіх і літоўскіх цыган. Там была рэзідэнцыя барона. Як зараз абстае гэтая справа?
Ніхто пра гэта зараз не ведае. Мы сутыкнуліся з гэтым, калі пачалі займацца Халакостам. Высветлілася, што сапраўды ў мястэчку Мір была цыганская сталіца. Але там нам сказалі, што ніколі такога не было, а карэннымі жыхарамі можна лічыць толькі татар і яўрэяў. Але архіўныя дакументы кажуць зваротнае. Асабліва добра жылося мясцовым цыганам пры барону Яну Марцінкевічу, які развіваў культуру. Але нажаль сёння даказаць цыганам права на сваю водчыну немагчыма, таму што пісьмовай мовы у нас няма, а таму і дакументаў таксама няма…
- Але ж захаваліся дакументы на іншых мовах. Чаму зараз цыганская дыяспара не паставіць пытанне аб стварэнні ў Міры музея ці аднаўленні рэзідэнцыі? Гэта ж можа стаць сапраўдным турыстычным напрамкам!
Мы з вялікім задавальненнем бы гэта зрабілі, але наўрад ці нам дазволяць. Канешне, мы ў сур’ёз гэтай тэмай яшчэ не займаліся. Калі б нам далі хаця б невялікую частку замка, мы б зрабілі музей цыганскай культуры. Калі я еду ў Жыровіцкі манастыр, на зваротным шляху заўсёды вяртаюся праз Мір. Я размаўляў з супрацоўнікамі музея на гэтую тэму, але там проста усміхнуліся і адказалі, што ніколі тут ніякіх цыган не было. Але з дакументамі не пааспрачаешся! Калі б там зрабіць цыганскае прадстаўніцтва, то мы б маглі ладзіць фестывалі нацыянальнай культуры. На Украіне і ў Расіі кожны год праводзяцца цыганскія фестывалі. Мы б маглі таксама ў Міры 8 красавіка, у дзень цыган, праводзіць святочныя праграмы. Гэта было б цудоўна! У нас ёсць магчымасці зрабіць там добры фестываль, якога, нажаль, пакуль што няма ў Беларусі.
- Зараз у Беларусі ёсць свой цыганскі барон?
- Пакуль што не. Стары памёр, а новага не знайшлі. Зараз гэтае пытанне вырашаецца, але няма кандыдатуры. Паверце, у цэлай Беларусі няма кандыдатуры! Тыя, хто называе сябе сёння баронам – гэта самазванцы. Калі мы абярэм новага, ніхто пакуль адказаць не можа. Я спрабаваў, але мне сказалі, каб не спяшаўся. Ёсць старэйшыя людзі ў цыганскім асяроддзі, якія вышэй над усялякія арганізацыяй. Іх слова - закон для цыганаў. Яны падтрымліваюць наш лад жыцця. Цыганскі суд вырашае ўсе спрэчныя пытанні. Рашэнні не пераходзяць за межы нашых традыцый.
- Ці ёсць нейкія няпісаныя законы ў цыганскім асяроддзі?
Канешне, ёсць. Але гэта павінна заставацца сакрэтам.

Комментариев нет:
Отправить комментарий